Блог — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Блог

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Блог (англ.: blog, ад web log — інтэрнэт-журнал падзей, інтэрнэт-дзённік, онлайн-дзённік) — вэб-сайт, асноўны змест якога — рэгулярна дадаваемыя запісы (пасты́), якія змяшчаюць тэкст, выявы ці мультымедыя. Для блогаў характэрны кароткія запісы часовай значнасці. Апошні запіс звычайна размяшчаецца зверху. Блогі часцей за ўсё публічныя (іх могуць чытаць усе жадаючыя), якія могуць уступаць у публічную палеміку з іх аўтарам.

Асобы, якія вядуць блогі, называюць бло́герамі. Сукупнасць усіх блогаў Інтэрнэту прынята называць бло́гасфе́рай.

Для блогаў характэрна магчымасць публікацыі водгукаў (каментарыяў, «каме́нтаў») наведвальнікамі. Гэта робіць блогі серадой сеткавых зносін, зручнейшай за электронную пошту, вэб-форумы і чаты.

Да блогаў таксама адносяцца персанальныя сайты, якія складаюцца ў асноўным з прыватных запісаў уладальніка блога і каментарыяў карыстальнікаў да гэтых запісаў.

Першым блогам лічыцца старонка Ціма Бернерса-Лі, дзе ён, з 1992 году, публікаваў навіны. Больш шырокае распаўсюджванне блогі атрымалі з 1996 года. У жніўні 1999 года камп’ютарная кампанія Pyra Labs з Сан-Францыска адкрыла сайт Blogger.com, які стаў першай дармавой блогавай службай.

Функцыі блогаў

[правіць | правіць зыходнік]

У ходзе апытання блогераў сэрвісу Livejournal.com, праведзенага ў 2005 годзе, былі вылучаны наступныя функцыі блогаў.

Камунікатыўная функцыя

[правіць | правіць зыходнік]

Большасць блогераў кажуць, што вядуць ці чытаюць блогі дзеля камунікацыі з цікавымі ім людзьмі. У першую чаргу гэта магчымасць сказаць штосьці адзін раз так, каб гэта шмат хто пачуў.

Функцыя самапрэзентацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Існуе клас блогаў, якія створаны для публікацыі і абмеркавання твораў аўтара (прозы, вершаў, фотаздымкаў, малюнкаў), але нават і звычайны дзённік нясе інфармацыю аб асабовасці аўтара. «Вяду дзённік, каб мяне чыталі»,— могуць сказаць многія блогеры.

Функцыя забавы

[правіць | правіць зыходнік]

Многія людзі аддаюць перавагу вядзенню блога, чытанню блогаў і дыскусіі ў каментарыях у якасці забаўляльнага правядзення часу. Напрыклад, маладыя маці складаюць значную частку блогасферы — ім заўсёды ёсць аб чым расказаць у сваім блогу, у іх ёсць шмат пытанняў, якія яны могуць задаць іншым. Блогі з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай забаўляльнага чытання.

Некаторыя выкарыстоўваюць блогі, каб марнаваць час, якога ў іх шмат, іншыя жа карыстаюцца ім з прычыны недахопу свабоднага часу для паўнавартасных зносін. Такім чынам, механізм супольнасці блогераў дазваляе весці зносіны ў розных рэжымах і з той інтэнсіўнасцю, якая яму патрэбна.