Каўаі — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Каўаі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каўаі
Характарыстыкі
Плошча1 456 км²
Найвышэйшы пункт1 598,1 м
Насельніцтва67 091 чал. (2010)
Шчыльнасць насельніцтва46,08 чал./км²
Размяшчэнне
22°04′12″ пн. ш. 159°29′51″ з. д.HGЯO
Краіна
ШтатГаваі
Каўаі (ЗША)
Каўаі
Каўаі
Каўаі (Гаваі)
Каўаі
Каўаі
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Каўаі (гав.: Kaua'i) - з геалагічнага пункту гледжання найстарэйшы з галоўных Гавайскіх астравоў. З плошчай у 1456 км², ён з’яўляецца чацвертым па велічыні ў штаце Гаваі, і 21м у ЗША. Таксама вядомы як "Востраў садоў" (Garden Isle), ён размешчаны ў 169 км на паўночны захад ад Ааху праз Каўайскі канал.

Адміністрацыйная акруга Каўаі з цэнтрам у горадзе Ліхуэ таксама ўключае астравы Нііхаў, Лехуа і Каула. Найбуйнейшы горад - Капаа, з наельніцтвам 10699 чалавек.

Як і большасць асноўных астравоў, Каўаі ўдзячны сваёй назвай легендарнаму палінезійскаму мараходу Гаваілоа, якому прыпісваецца адкрыццё архіпелагу. Паводле падання, Гаваілоа назваў востраў у гонар свайго ўлюбёнага сына. Па іншых версіях слова каўаі значыла харчовы сезон[1].

Каўаі вядомы своеасаблівым дыялектам гавайскай мовы, якім дагэтуль карыстаюцца жыхары Нііхаў. Дыялект паходзіць з вострава Таіці, адкуль на Гаваі эмігравала найбольш нядаўняя група палінезійцаў. Сучасная назва Каўаі утвораная на базе дыялекту вострава Гаваі, у той час як першапачатковая назва была Таўаі, а найбуйнешы горад называўся Тапаа.

На найранейшых картах капітана Джэймса Кука востраў абазначаўся як Атуі (Atoui, і пазней Atooi), што пасля стандартызацыі гавайскай мовы ператварылася ў Каўаі.

Скалы "На Пàлі" на паўночным захадзе Каўаі
Скалы "На Пàлі" на паўночным захадзе Каўаі

Востраў мае вулканічнае паходжанне, і пры ўзросце ў 6 мільёнаў гадоў з’яўляецца найстарэйшым з буйных Гавайскіх астравоў. Найвышэйшы пункт - гара Кавайкіні (Kawaikini), што ўздымаецца на 1598 м над узроўнем мора.

Другі па велічыні пік - гара Вайалеале (Wai'ale'ale) вышынёй 1569 м. Размешчаная ў цэнтры вострава, яна таксама з’яўляецца самым вільготным месцам на планеце са штогадовай колькасцю ападкаў каля 1170 см. Шчодрасць дажджоў прывяла да значнай эрозіі горных схілаў, утвараючы маляўнічыя каньёны і вадаспады. Найбуйнейшы каньён Ваймеа (Waimea Canyon, у перакладзе з гавайскай мовы чырвоная вада) быў утвораны аднайменнай ракой у заходняй частцы вострава. Каньён Ваймеа — адзін з найпрыгажэйшых каньёнаў свету - дзякуючы Марку Твену стаў вядомы як "Ціхаакіянскі Гранд-Каньён" (Grand Canyon of the Pacific).

Каньён Ваймеа
Каньён Ваймеа

Турызм з’яўляецца найважнейшым сродкам прыбыткаў Каўаі. Штогод на востраў прыязджае больш за мільён турыстаў, даход ад якіх складае амаль траціну бюджэту.

У былым стагоддзі аснову эканомікі Каўаі складала вырошчванне цукровага трыснягу, але гаспадарка заняпала ў сувязі з ростам кошту працоўнай сілы. У цяперашні час сельскагаспадарчыя землі ўжываюцца ў асноўным пад вырошчванне буйной рагатай жывёлы.

Глеба на Каўаі надзвычай урадлівая, і выкарыстоўваецца для вырошчвання шэрагу культур, такіх як гуава, кава, манга, авакада, папайя, бананы, карамбола, ананас і інш.

Зноскі

  1. Pukui, Mary Kawena. Place Names of Hawaii. University of Hawaii Press. ISBN 0-8248-0524-0.