Дравідыйскія мовы — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Дравідыйскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дравідыйская сям’я
дравідзкая
Народнасьць дравідыйскія народы
Арэал паўднёвы, цэнтральна-ўсходні Індастан
Лінгвістычная клясыфікацыя Дравідыйская сям’я
Склад
паўночная,
цэнтральная,
паўднёвая галіны
Колькасьць носьбітаў больш за 210 млн чал.
ISO 639-5: dra

Арэал дравідыйскіх моваў на мапе Індастану

Дравіды́йскія мовы (радзей: драві́дзкія) — сям’я моваў, распаўсюджаная ў асноўным на поўдні Індастану і, часткова, у цэнтральнай ды ўсходняй частках субкантынэнту ў такіх краінах, як Індыя, Шры-Ланка, Банглядэш, Пакістан і Нэпал. Вялікая колькасьць носьбітаў прадстаўленая дыяспарай.

Большая частка носьбітаў дравідыйскіх моваў прыпадае на г. зв. вялікую дравідыйскую чацьверку — мовы тэлугу, малаялам, канада й тамільскую мовы, якія паводле розных падлікаў складаюць прыкладна 95% ад носьбітаў усіх дравідыйскіх моваў[1]. На дравідыйскіх мовах таксама размаўляюць адносна нешматлікія народы, якія пражываюць на поўнач і ўсход ад носьбітаў «чацьверкі» (у Індыі вядомыя як перапісныя плямёны).

Асноўная частка дравідыйскіх моваў распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснай Індыі, дзьве зь іх распаўсюджаныя толькі па-за межамі краіны — брагуі, пашыраная на паўднёвым усходзе Пакістану, і дыялект дгангар, ужываны ў Нэпале.

Існаваньне дравідыйскае тапанімікі ўздоўж паўночна-заходняга ўзьбярэжжа Індастану, дзе гэтыя мовы цяпер не ўжываюцца, а таксама вялікая сукупнасьць лінгвістычных зьяваў у не-дравідыйскіх моваў (напрыклад, інклюзіўнасьць займеньнікаў) ёсьць сьведчаньнем больш шырокага распаўсюджаньня дравідыйскіх моваў у мінулым[2][3]. Мовы гэтае сям’і часта разглядаюцца ў якасьці моваў адных з аўтахтонных насельнікаў Індастану.

Дравідыйская сям’я моваў — другі паводле распаўсюджанасьці таксон моваў у Індастане, саступаючы месца толькі індаарыйскай групе індаэўрапейскае сям’і моваў.

Першыя эпіграфічныя пісьмовыя помнікі дравідыйскіх моваў вядомыя з ІІ ст. да н. э.

Гіпотэза пра існаваньне агульнай дравідыйскай сям’і моваў упершыню была высунутая ў 1816 годзе ў працы А. Кэмпбэла Grammar of the Teloogoo Language («Граматыка мовы тэлугу»), у якой А. Кэмпбэл і Ф. Эліс прапанавалі меркаваньне, згодна зь якім тамільская мова й мова тэлугу маюць паходжаньне ад агульнае прамовы не-індаэўрапейскага паходжаньня[4]. У 1856 годзе Р. Колдўэл апублікаваў працу Comparative grammar of the Dravidian or South-Indian family of languages («Параўнальная граматыка дравідыйскай або паўднёваіндыйскай сям'і моваў»), дзе ён, у прыватнасьці, пашырыў ахоп моваў, якія маюць крытэры для аб’яднаньня ў гэтую сям’ю, і згадаў сям’ю як адну зь першасных моўных таксонаў сьвету, устанавіўшы, што дравідыйская сям’я не ўваходзіць у склад іншых.

Тэрмін дравідыйскі (анг. Dravidian) упершыню быў прапанаваны сьвятаром Р. Колдўэлам, які ён пазычыў з працаў старажытнага індыйскага філёзафа Кумарыла-бгата, у якіх згадвалася санскрыцкае слова drāviḍa[5]. У беларускай спэцыялізаванай літаратуры вядомы тэрмін дравідыйскі[6].

Вядома некалькі тэорыяў адносна паходжаньня слова drāviḍa. У асноўным паводле іх ставяцца абгрунтаваць этымалягічную пераемнасьць між словамі drāviḍa і tamiẓ, апошні зь якіх, у сваю чаргу, зьвязваецца з адным з дравідыйскіх народаў — таміламі.

Дравідоляг К. Звэлебіл меркаваў пра мажлівасьць паходжаньня гэтага слова зь пераўтварэньняў нашкталт tamiẓ > *damiḷ > damiḷa- / damila-, пасьля чаго асаблівую ролю адыгралі гіпэркарэкцыйнае даданьне -r- і чаргаваньне -m-/-v-, апошняе з чаго было ўласьцівым дравідыйскай фаналёгіі[5]. Ён жа згадвае, што этымалягічныя сувязі з словам tamiẓ, хутчэй за ўсё, маюць санскр. dr(a/ā)viḍa, палі damila, damiḷo і пракрыцк. d(a/ā)viḍa.

Іншы спэцыяліст па дравідыйскіх мовах, індыйскі мовазнаўца Б. Крышнамурці ўказваў, што варыянт damiḷa-, імаверна, старэйшы за варыянт draviḍa-, пры гэтым апошні мог быць санскрытазаванай формай першага слова. Крышнамурці зьвяртае ўвагу на выкарыстаньне словаў draviḍa або dramila як экзаэтнонімаў, указваючы на сынг. dameḍa-, damela- у значэньні купцоў тамільскага паходжаньня. Раньнебудысцкія й джайнійскія крыніцы маюць слова damiḷa-, якое выкарыстоўвалася для пазначэньня жыхароў паўднёвай Індыі, пераважна тамілаў; адтуль жа вядомыя формы damilaraṭṭha- у значэньні паўднёвай, не-арыйскай краіны, а таксама dramiḷa-, dramiḍa, draviḍa- з падобным значэньнем[7].

Слоўнік санскрыту Манье-Ўільямса падае значэньне санскр. draviḍa як агульнага найменьня для пяці этнасаў поўдня Індыі, андграў, карнатакаў, гурджараў, тайлангаў і магараштраў[8].

Агульныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны арэал дравідыйскіх моваў месьціцца на крайнім поўдні Індастану, які складае некалькі штатаў на поўдні Індыі. Адна або адразу некалькі з дравідыйскіх моваў зьяўляюцца моваю большасьці насельніцтва ў індыйскіх штатах Тамілнад, Керала, Карнатака, Андгра-Прадэш, Тэлангана, а таксама ў хаўрусных тэрыторыях Лакшадўіп і Пандышэры. У другой палове ХХ стагодзьдзя ў Індыі адбыўся паэтапны працэс зьмены межаў штатаў, які засноўваўся на моўных межах, што прывяло да таго, што ў паўднёвых штатах Індыі моваю большасьці насельніцтва стала тая ці іншая дравідыйская мова. У кожным з чатырох паўднёвых штатаў і тэрыторыяў адна або некалькі дравідыйскіх моваў маюць афіцыйны статус. У паўднёвых штатах і тэрыторыях Індыі могуць мець распаўсюджаньне значна менш вялікія паводле колькасьці носьбітаў ідыёмы, якія могуць могуць лічыцца дыялектам буйнейшае дравідыйскае мовы або асобнай ад яе мовай. Мовы «чацьверкі» — тэлугу, канада, малаялам і тамільская мова, адносяцца да адных з найбуйнейшых моваў сьвету паводле колькасьці носьбітаў, налічваючы агулам больш за 210 млн чал., для якіх гэтыя мовы зьяўляюцца роднымі або вядомымі[9].

Крыху на поўнач і паўночны ўсход ад «асноўнага», паўднёвага дравідыйскага арэалу месьцяцца астраўныя арэалы дравідыйскіх моваў, аточаныя індаарыйскамоўным або іранскім насельніцтвам. Гэтыя дравідыйскія мовы, як правіла, значна больш малалікія па носьбітах як у параўнаньні з «дравідыйскай чацьверкай», так і ў параўнаньні з навакольным індаарыйскамоўным асяродзьдзем; у гэтых штатах дравідыйскія мовы ня маюць афіцыйнага статусу, хоць яны й могуць выкарыстоўвацца ў СМІ і ў адукацыі. Народы, якія зьяўляюцца носьбітамі падобных дравідыйскіх моваў, у Індыі азначаюцца тэрмінам перапісныя плямёны (анг. Scheduled Tribes) і звычайна ведаюць адну або некалькі з навакольных індаарыйскіх моваў.

Значна больш аддаленыя дравідыйскамоўныя арэалы знаходзяцца на паўночным усходзе востраву Шры-Ланка, часткова ў Нэпале й на паўднёвым захадзе Пакістану. На Шры-Ланцы гэта перадусім тамільская мова, распаўсюджаная, у тым ліку, у суседнім індыйскім штаце Тамілнад, у Пакістане — мова брагуі (правінцыя Бэлуджыстан), у Нэпале — уласны дыялект мовы курух. На Шры-Ланцы тамільская мова зьявілася ў выніку даўняй міграцыі тамілаў на гэты востраў, у гэтай дзяржаве мова мае дзяржаўны статус поруч зь мясцовай індаарыйскай мовай, сынгальскай.

Як і з тамільскай мовай на Шры-Ланцы, адносна іншых «астраўных» дравідыйскіх моваў высоўваюцца гіпотэзы, паводле якіх гэтыя мовы зьявіліся ўжо ў гістарычныя часы ў выніку позьняй міграцыі, але таксама распаўсюджныя тэорыі, што гэтыя мовы ўяўляюць сабою рэшткі аўтахтоннага насельніцтва, неасыміляванага арыямі (то бок, продкамі носьбітаў індаарыйскіх моваў).

Апрача таго, дравідыйскія мовы, на ўзор іншых моваў Індыі, шырока ўжываюцца ў дыяспары. У прыватнасьці, гэта паслужыла нагодаю для наданьня тамільскай мовы дзяржаўнага статусу на Сынгапуры.

На 1981 год прыблізна 24% насельніцтва Індыі размаўляла на адной або некалькіх з дравідыйскіх моваў[10]. Гэтая дзеля павольна зьніжаецца за кошт больш высокай нараджальнасьці ў Ганскай даліне, які зьяўляецца ў большасьці сваёй індаарыйскамоўным: паводле перапісу насельніцтва Індыі носьбіты дравідыйскіх моваў складалі блізу 220 млн чал. або 21,5% ад насельніцтва краіны ў 1 028 610 328 чалавек. Тэндэнцыя да спаду з гэтае прычыны захоўваецца й дагэтуль.

Паходжаньне дравідыйскіх моваў, гісторыя іх наступнага разьвіцьця й адасабленьня ў вялікай ступені застаюцца няяснымі, прычынамі чаго ёсьць бедны характар лінгвістычных параўнальных дасьледаваньняў па мовах гэтае сям’і. Між іншым, большая частка лінгвістаў-дравідолягаў зыходзіцца ў думцы, што ўсе дравідыйскія мовы бяруць свой пачатак ад прадравідыйскае мовы.

Незважаючы на тое, што сучасныя дравідыйскія народы займаюць у асноўным поўдзень Індастану, пытаньне арэалу прадравідыйскае мовы таксама застаецца адкрытым. Значную колькасьць аргумэнтаў маюць гіпотэзы, паводле якіх дравідыйцы да прыходу індаэўрапейскіх плямёнаў займалі большую частку сучаснай Індыі. Таксама мяркуецца, што ў старажытнасьці дравіды займалі тэрыторыі ад Пэрсыдзкага да Бэнгальскага заліваў, даходзячы на поўначы да Сярэдняй Азіі[11], а іх прарадзімай быў рэгіён сучаснага Ірану[12]. Выказваліся меркаваньні, што носьбіты дравідыйскіх моваў зьяўляліся стваральнікамі цывілізацыі даліны Інду; былі першапачатковымі жыхарамі Індастану; стварылі сыстэмы вераваньняў, што леглі ў аснову індуізму; і, знаходзячыся на тэрыторыі Індастану й Ірану, аказалі ўплыў на праіндаэўрапейскую мову. Большасьць гэтых гіпотэзаў застаюцца спрэчнымі. Найбольш верагодным лічыцца сцэнар, згодна зь якім дравіды апынуліся на Індыйскім субкантынэнце раней за індаэўрапейцаў, але пазьней за носьбітаў аўстраазіяцкіх моваў, якія належалі да аўстралёіднае расы і сталі прычынаю распаўсюдажнасьці сярод індыйцаў (асабліва дравідаў) цёмнага колеру скуры.

Асноўная частка дравідыйскіх народаў цяпер пражывае на поўдні краіны, выспы дравідыйскага насельніцтва ў цэнтральным і паўночным Індастане, як правіла, тлумачацца пазьнейшымі міграцыйнымі працэсамі ў гістарычны пэрыяд. Такія этнічныя групы, як брагуі, курух і малто маюць фальклёр, у якім сьцьвярджаецца пра іх міграцыі на поўнач[13][14]. Курух лічаць, што паходзяць з плято Дэкан (Карнатака), падобныя легенды маюць брагуі[15][16][17].

Каля VI ст. да н.э. прадравідыйская мова распалася на прапаўночнадравідыйскую, працэнтральнадравідыйскую, прапаўднёвацэнтральнадравідыйскую ды прапаўднёвадравідыйскую. Падобны пункт гледжаньня аспрэчваецца іншымі лінгвістамі, на думку якіх ступень дыфэрэнцыяцыі дравідыйскіх моваў адлюстроўвае ранейшы распад мовы-продку.

Пісьмовыя помнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самымі раньнімі з захаваных пісьмовых помнікаў дравідыйскіх моваў лічацца 76 надпісаў на сьценах пячораў у акругах Мадурай і Тырунэлвэлі шату Тамілнад, якія выкананыя на старажытнатамільскай мове й датуюцца прыкладна ІІ ст. да н.э.[18] Мовы «чацьверкі» маюць даўнюю пісьмовую традыцыю, якая налічвае больш за тысячагадовыя традыцыі.

Кантакты з індаарыйскімі мовамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па ўварваньні арыяў на тэрыторыю Індастану гэтыя плямёны ўступілі ў кантакт з дравідыйцамі, якія на той час ужо насялялі тэрыторыю Індастану. Гэта паслужыла пранікненьню вялікае колькасьці дравідыйскіх рысаў у фанэтыку, лексыку, марфалёгію й сынтаксіс старажытных індаарыйскіх дыялектаў, пры гэтым лінгвістычныя кантакты гэтага тыпу адбываліся ва ўвесь пэрыяд існаваньня індаарыйскіх моваў.

Дравідыйскія мовы маюць шырокі слой лексычных запазычваньнях індаарыйскага паходжаньня, пры гэтым індаарыйскі ўплыў толькі ў малой ступені закрануў структурныя паказчыкі мовы як то фаналёгія й граматыка. У сваю чаргу, індаарыйскія мовы адлюстроўваюць на сабе большы структурны, чымся лексычны дравідыйскі ўплыў[19]. Дравідыйскі ўплыў на індаарыйскае маўленьне пачынае праяўляцца ў ІІ тыс. да н.э. і бачны па тэкстах Рыгвэды, у якой, апрача іншага, назіраецца каля дзесяці лексэмаў дравідыйскай этымалёгіі[20].

Вэдыйская мова дэманструе наяўнасьць рэтрафлексных зычных (ṭ/ḍ, ṇ), неўласьцівых іншым індаэўрапейскім, у прыватнасьці, індаіранскім, мовам; амаль 90 словаў Рыгвэды дакладна ўтрымліваюць гэтыя гукі[21][22]. Гэтая ўласьцівасьць індаарыйскіх моваў, супрацьпастаўленая іншым індаэўрапейскім, часта прыводзіцца ў якасьці аргумэнту на карысьць субстратнага ўплыву на вэдыйскую мову нейкае няроднаснае мовы, якая зьяўлялася багатай на рэтрафлексныя зычныя[21][22]. Аднымі зь меркаваных моваў, што маглі стаць крыніцаю гэтых зычных у індаарыйскіх мовах, маглі стаць дравідыйскія мовы праз тое, што набор рэтрафлексных зычных рэканструюецца для прадравідыйскага стану[5][23][24]. Да дравідыйскіх рысаў у старажытным індаарыйскім маўленьні таксама прынята залічваць герунды, які меў значэньне, аналягічнае дравідыйскаму, і маркер ускоснае мовы iti, якія адсутнічаюць у авэстыйскай мове, генэтычна блізкай вэдыйскай[25].

Шэраг лінгвістаў тлумачыць паходжаньне дравідавідных рысаў у індаарыйскіх мовах працэсам кантактаваньня між носьбітамі гэтых моваў, у выніку якога індаарыйскія мовы сталі разьвівацца з удзелам дравідыйскага субстрату і этнічныя дравіды сталі засвойваць першыя[26][27][28]. Ставіліся спробы растлумачыць гэтыя граматычныя рысы з пункту гледжаньня ўласных інавацыяў індаарыйскіх моваў, аднак на думку большасьці лінгвістаў тэорыя пра дравідыйскае паходжаньне ў большай ступені абгрунтоўвае іх існаваньне[29].

Этнічная група брагуі, якая пражывае на паўднёвым захадзе Пакістану ўнутры арэалу іранскіх народаў, разглядаецца некаторымі гісторыкамі й мовазнаўцамі як частка рэліктавага даіндаэўрапейскага насельніцтва Індастану; высоўваюцца гіпотэзы, згодна зь якімі дравідыйскія мовы ў дагістарычны пэрыяд мелі значна большы арэал, пазьней скарочаны праз вынікі перасяленьня ў рэгіён старажытных індаэўрапейцаў[30][31][32]. Контрааргумэнтамі падобных сьцьвярджэньняў зьяўляецца адсутнасьць у мове брагуі старажытнаіранскіх запазычаньняў (напрыклад, з авэстыйскай мовы) і легенды брагуі, у якіх апісваюцца матывы міграцыі гэтага народу ўжо ў гістарычны пэрыяд (гл. вышэй). На карысьць значна пазьнейшае міграцыі брагуі на захад сучаснага Пакістану таксама сьведчаць гукавыя зьмены ў мове брагуі, вядомыя таксама ў мовах малто й курух, што, імаверна, зьяўляецца доказам першапачатковага пражываньня брагуі ў цэнтральнай Індыі побач з курух і малто[33].

Дравідыйскія мовы паводле распаўсюджваньня й групы.

Дравідыйскія мовы маюць параўнальна цесныя сувязі ўнутры ўласнай сям’і — большыя, напрыклад, за генэтычныя сувязі між мовамі індаэўрапейскае сям’і моваў.

Большая частка мовазнаўцаў ажыцьцяўляе ўнутраную клясыфікацыю дравідыйскае сям’і, дзелячы яе на паўночную, цэнтральную (або каламі-парджыйскую), цэнтральна-паўднёвай (або тэлугу-куі) і паўднёвую галіны. Ранейшыя клясыфікацыі прапаноўвалі існаваньне адзінай групы, утворанай з цэнтральнай і цэнтральна-паўднёвай галінаў. Расейскі лінгвіст Н. Гураў вылучае гандванскую групу, якую ўтвараюць мовы гондзі, конда, пэнга, манда, куі й куві[1].

Некаторыя аўтары выступаюць супраць існаваньня паўночнае галіны, раздрабняючы яе на паўночна-ўсходнюю ды паўночна-заходнюю. Пры гэтым варыянце клясыфікацыі апошняя галіна прадстаўленая толькі мовай брагуі[34]. Ніжэй прыведзеная клясыфікацыя паводле Крышнамурці, які лічыць праўдападобным існаваньне паўночнай галіны і дадаткова вылучае групы ў складзе некаторых галінаў і падгрупы ў складзе групаў[35].

  • Дравідыйская сям’я:
    • Паўднёвая галіна:
      • Паўднёвая група (тулу-тамільская):
        • Тамільска-канадзкая падгрупа:
        • Падгрупа тулу:
          • Карага;
          • Кудыя;
          • Тулу (у т.л. бэлары);
      • Цэнтральна-паўднёвая група:
        • Падгрупа гондзі-куі:
          • Гондзі клястэр:
            • Гондзі;
            • Кгірвар;
            • Марыя;
            • Мурыя;
            • Нагарчал;
            • Пардган;
          • Конда;
          • Куві;
          • Куі;
          • Коя;
          • Манда;
          • Мукга-дора;
          • Пэнга;
        • Падгрупа тэлугу:
    • Цэнтральная галіна (каламі-парджыйская):
      • Алары;
      • Дурува;
      • Каламі;
      • Найкі;
    • Паўночная галіна:
      • Брагуі;
      • Падгрупа курух-малто:
        • Курух;
        • Клястэр малто (або мова):
          • Кумарбгаг-пагарыя (або дыялект малто);
          • Саўрыя-пагарыя (або дыялект малто).

Паводле лінгвістычнага даведніка Ethnologue прыводзіцца пералік зь некалькіх моваў, якія нацяпер зьяўляюцца неклясыфікаванымі (алар, базыгар, бгарыя, камар, малакураван (можа разглядацца як дыялект малаялам), вішаван), а таксама пэўную колькасьць паўднёвадравідыйскіх моваў, клясыфікацыя якіх ускладненая: мала-маласар, маласар, тгачанадан, улатан, каланадзі, кумбаран, кундувадзі, курычыя, атападзі-курумба, мудуга, патгія. Згодна з гэтым жа даведнікам, мова камар можа разглядацца як адна з індаарыйскіх, мова ваянад-чэці — як адна з моваў тамільска-канадзкае падгрупы.

Зьнешняя роднасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на шматлікія гіпотэзы, сыстэматычныя зносіны дравідыйскае моўнае сям’і зь іншымі сем’ямі моваў сьвету не зьяўляюцца дакладна ўсталяванымі. Разам з гэтым, дравідыйскія мовы маюць арэальныя сувязі з індаарыйскімі мовамі, што тлумачыцца субстратным уплывам дравідыйскіх моваў на апошнія (гл. вышэй). Тым ня менш, наяўнасьць арэальных сувязяў не пацьвярджае роднасьці між тым ці іншым моўнымі таксонамі (гл. напрыклад балканскі моўны зьвяз).

У сучаснай лінгвістыцы ставяцца спробы па выяўленьні роднасных сувязяў між рознымі вядомымі цяпер моўнымі сем’ямі або мовамі-ізалятамі, у выніку чаго апалягеты гіпотэзаў, што ўзьнікаюць на грунце спробаў падобнага аб’яднаньня, высоўваюць тэорыі пра існаваньне г.зв. макрасем’яў — гіпатэтычных аб’яднаньняў некалькіх моўных сем’яў у вышэйшы, агульны таксон. Падобныя спробы прадпрымаюцца, у тым ліку, датычна дравідыйскае сям’і.

Зьдзяйсьняліся намаганьні па выяўленьні сувязяў дравідыйскіх моваў з індаэўрапейскімі, гурыцкай, басконскай, шумэрскай і карэйскай мовамі. Параўнальная праца таксама ажыцьцяўлялася зь іншымі моўнымі сем’ямі й ізалятамі Індастану, а таксама з усімі тыпалягічна падобнымі мовамі Эўразіі.

Дравідыйская моўная сям’я мае шэраг тыпалягічных падабенстваў з уральскімі мовамі, што падразумявае прынамсі мажлівасьць некаторага працяглага пэрыяду кантакту між дзьвюма сем’ямі ў мінулым[36]. Гэтая гіпотэза атрымлівала падтрымку сярод значнае часткі дравідолягаў (Р. Колдўэл[37], Т. Бараў[38], К. Звэлебіл[39], М. Андронаў[40]), але аспрэчваецца спэцыялістамі па ўралістыцы і, у апошні час, некаторымі спэцыялістамі па дравідыйскіх мовах, такіх як Б. Крышнамурці[41].

Прыхільнікамі настратычнае гіпотэзы дравідыйская сям’я ўключаецца ў настратычную макрасям’ю, якая аб’ядноўвае амаль усе мовы Эўразіі, у прыватнасьці, індаэўрапейскія мовы. Як лічаць апалягеты гіпотэзы, пранастратычная мова існавала ў рэгіёне Ўрадлівага паўмесяцу ў пэрыяд між апошнім ледніковым пэрыядам і адасабленьнем з пранастратычнае мовы праіндаэўрапейскае мовы, што адбылося каля V—VII тыс. да н.э. Тым ня менш, сучасная лінгвістыка ня лічыць сапраўдным існаваньне пранастратычнай мовы і, адпаведна, існаваньне настратычнае макрасям’і з прычыны адсутнасьці або прынамсі недаказальнасьці сувязяў між мовамі, якія ўключаюцца ў гэтую гіпотэзу.

Д. МакАлпінам упершыню была прапанаваная тэорыя роднасьці дравідыйскае сям’і з эламскай мовай, моваю старажытнага Эламу (паўднёвы захад Ірану). Гэтую тэорыю, якая пастулявала элама-дравідыйскую макрасям’ю, падтрымала пэўная частка мовазнаўцаў, але трывалых аргумэнтаў на яе карысьць таксама не існуе. У сваю чаргу, расейскі лінгвіст Г. Старасьцін выказвае думку, што эламская мова магла быць своеасаблівым мастом між настратычнай і афразійскай макрасем’ямі (апошняя аб’ядноўвае некалькі сем’яў поўначы Афрыкі й Блізкага Ўсходу, напрыклад, сэміцкую)[42]. Эламскую мову могуць адносіць непасрэдна да дравідыйскіх, разам з гэтым мова брагуі звычайна разглядаецца як прамежкавае зьвеньне між эламскай і астатнімі дравідыйскімі.

Зь меншай ступеньню ўпэўненасьці (у сувязі з горшым станам дэшыфроўкі захаваных помнікаў) у склад дравідыйскіх моваў могуць уключаць мовы протаіндыйскіх культураў Магенджа-Дара й Гарапы

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дравідыйскія мовы аб’ядноўвае рад агульных рысаў у марфалёгіі, сынтаксісе, фанэтыцы, фаналёгіі й лексыцы. Могуць назірацца ўласныя інавацыі ў асобных мовах або вынікі кантактаў з мовамі іншых моўных сем’яў.

Найбольш характэрнымі рысамі дравідыйскіх моваў у марфалёгіі зьяўляюцца аглютынацыйны характар словаўтварэньня (што тыпалягічна збліжае дравідыйскія мовы, напрыклад, з уральскімі або алтайскімі мовамі), у прадравідыйскай мове ўтварэньне флектыўных формаў слова зьяўлялася выключна суфіксальным. Уласьцівае адрозьненьне інклюзіўнасьці ў займеньніках («мы з табой», але «мы безь цябе»).

З часьцінаў мовы маюць скланеньне назоўнік, лічэбнік, займеньнік, прыметнік і дзеяслоў; часьціцы, энклітыкі й гукаперайманьні застаюцца нязьменнымі. Адрозьніваецца пераходнасьць, непераходнасьць і прычыннасьць дзеясловаў, актыўныя ды пасіўныя формы. Кожны дзеяслоў можа мець адмоўную форму.

Імя зьмяняецца паводле двух лікаў і чатырох гендэрных сыстэмаў. Апошнія, імаверна, паходзяць з сыстэмы, у якой у адзіночным ліку адрозьніваўся мужчынскі й не-мужчынскі род, у множным — эпіцэнавы (паводле групаў людзей).

Першапачаткова ў дравідыйскіх мовах існавала дыхатамія (супрацьпастаўленьне) мінулага й не-мінулага часоў. Цяперашні час зьяўляецца пазьнейшай асобнай інавацыяй у кожнай мове або падгрупе.

Асноўны парадак словаў у сказе падпарадкоўваецца схеме SOV — дзейнік-дапаўненьне-выказьнік. Ёсьць шэраг пэўных правілаў знаходжаньня словаў у сказах, але гэты парадак таксама можа быць адносна вольным. У сказе звычайна можа паўставаць толькі адзін фінітны дзеяслоў, які часьцей за ўсё мае пазыцыю ў канцы сказу і, у неабходным выпадку, месьціцца пасьля герундыю.

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка й фаналёгія дравідыйскіх моваў адзначаюцца адсутнасьцю супрацьпастаўленьня прыдыхальных і непрыдыхальных зычных. Незважаючы на тое, што дравідыйскія мовы гістарычна ўспрынялі індаарыйскую лексыку, пры напісаньні якіх адрозьніваецца звонкасьць і наяўнасьць прыдыханьня, гэтыя лексэмы ў дравідыйскіх мовах, як правіла, рэалізоўваюцца паводле правілаў дравідыйскае фаналёгіі й фанатактыкі: звычайна прыдыханьне выбухных адсутнічае незалежна ад графічнага выгляду слова. Тым ня менш, гэтая заканамернасьць не зьяўляецца ўнівэрсальнаю, і яна пазьбягаецца пры старанным або фармальным вымаўленьні (напрыклад, пры чытаньні). Дравідыйскія мовы адрозьніваюць тры шэрагі артыкуляцыі, а менавіта зубную, альвэалярную й рэтрафлексную; вылучаецца набор плыўных зычных.

У прадравідыйскай мове адрозьніваліся пяць кароткіх галосных і іх падоўжаныя аналягі: *a, , *i, , *u, , *e, , *o, . Дыфтонгі адсутнічалі, а спалучэньні ai, au разглядаюцца як *ay, *av/*aw адпаведна[5][43][44]. Пяцігалосная сыстэма ў асноўным захавалася ў мовах, што ўтварыліся ў выніку распаду прадравідыйскае мовы[45]. Галосныя часта выступаюць ў якасьці адначасова ініцыяльнай і фінальнай фанэмы, што спрашчае аглютынацыю

Ніжэй прыведзены рэканструяваны для прадравідыйскае мовы інвэнтар зычных гукаў[5][23][46]. Выкарыстаны асобны фанэтычны запіс, які не супадае з IPA.

Лябіяльныя Зубныя Альвэалярныя Рэтрафлексныя палятальныя Вэлярныя лётальныя
Выбухныя *p *t *ṯ *ṭ *c *k
Насавыя *m *n *ṉ (??) *ṇ
Фрыкатывы (*H)
Ратычныя *r *ẓ (ḻ, r̤)
Лятэральныя *l *ḷ
Глайды *w [v] *y

Мовы тэлугу, малаялам, канада й тамільская мова маюць даўнія пісьмовыя традыцыі, пачатак якіх прасочваецца ў апошніх стагодзьдзях да н.э. Выкарыстоўваюцца ў асноўным розныя варыянты індыйскага пісьма, дравідыйскія мовы са значна меншай колькасьцю носьбітаў могуць ня мець устойлівай артаграфіі й эпізадычна выкарыстоўваць лацініцу. Для гэтых жа моваў вядомыя ўнікальныя сыстэмы запісу, створаныя спэцыяльна для гэтых моваў, якія ствараліся ў місіянэрскіх мэтах хрысьціянскімі сьвятарамі.

  1. ^ а б Гуров Н. В. Дравидийские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: 1990. — С. 139-140.
  2. ^ Erdosy, George, ed. The Indo-Aryans of Ancient South Asia: Language, Material Culture and Ethnicity. — Berlin/New York: Walter de Gruyter, 1995. — С. 271. — ISBN 3-11-014447-6
  3. ^ Edwin Bryant, Laurie L. Patton. The Indo-Aryan controversy: evidence and inference in Indian history. — 2005. — С. 254.
  4. ^ Sreekumar, P. 36 // Francis Whyte Ellis and the Beginning of Comparative Dravidian Linguistics. — Historiographia Linguistica. — 2009 Т. 1. — С. 75-95.
  5. ^ а б в г д Zvelebil, Kamil. Dravidian Linguistics: An Introduction. — Pondicherry Institute of Linguistics and Culture, 1990. — ISBN 978-81-8545-201-2
  6. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
  7. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 2. — ISBN 0-521-77111-0
  8. ^ Sanskrit and Tamil Dictionaries (анг.) Cologne Digital Sanskrit Dictionaries. Universität zu Köln. Праверана 11 траўня 2014 г.
  9. ^ Nationalencyklopedin. Världens 100 största språk 2007. — Nationalencyklopedin.
  10. ^ Ishtiaq, M. Language Shifts Among the Scheduled Tribes in India: A Geographical Study. — Delhi: Motilal Banarsidass Publishers, 1999. — С. 26-27. — 183 с. — ISBN 9788120816176
  11. ^ Географическая среда и население. Источники и историография // Иран и Средняя Азия в древности. (рас.)
  12. ^ Ностратические языки. (рас.)
  13. ^ Edwin Bryant. The Quest for the Origins of Vedic Culture: The Indo-Aryan Migration. — С. 83.
  14. ^ Denys Bray. The Brahui language, an old Dravidian language spoken in parts of Baluchistan and Sind. — С. 45.
  15. ^ Sarat Chandra Roy, Rai Bahadur; Alfred C. Haddon. The Orāons of Chōtā Nāgpur: their history, economic life, and social organization. — С. 18.
  16. ^ V. R. Ramachandra Dikshitar. Origin and Spread of the Tamils. — С. 12.
  17. ^ Jan E. M. Houben. Ideology and status of Sanskrit : contributions to the history of the Sanskrit language. — С. 32.
  18. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 22. — ISBN 0-521-77111-0
  19. ^ Dravidian languages // Encyclopædia Britannica.
  20. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 6. — ISBN 0-521-77111-0
  21. ^ а б Kuiper, F.B.J. Aryans in the Rig Veda. — Rodopi, 1991. — ISBN 90-5183-307-5
  22. ^ а б Witzel, Michael. Early Sources for South Asian Substrate Languages. — Mother Tongue. — 1999. — С. 1-76.
  23. ^ а б Subrahmanyam, P.S. Dravidian Comparative Phonology. — Annamalai University, 1983. — С. 40.
  24. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 36. — ISBN 0-521-77111-0
  25. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 36-37. — ISBN 0-521-77111-0
  26. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press. — С. 40-41. — ISBN 0-521-77111-0
  27. ^ Trask, Robert Lawrence. The Dictionary of Historical and Comparative Linguistics. — Routledge, 2000. — С. 97. — ISBN 1-57958-218-4
  28. ^ Erdosy, George, ed. The Indo-Aryans of Ancient South Asia: Language, Material Culture and Ethnicity. — Berlin/New York: Walter de Gruyter, 1995. — С. 18. — ISBN 3-11-014447-6
  29. ^ Thomason, Sarah Grey; Kaufman, Terrence. Language Contact, Creolization, and Genetic Linguistics. — University of California Press, 1988. — С. 141-144. — ISBN 0-520-07893-4
  30. ^ Mallory, J. P. In Search of the Indo-Europeans: Language, Archaeology and Myth. — London: Thames and Hudson, 1989. — С. 44. — ISBN 978-0-500-05052-1
  31. ^ Elst, Koenraad. Update on the Aryan Invasion Debate. — New Delhi: Aditya Prakashan, 1999. — С. 146. — ISBN 81-86471-77-4
  32. ^ Trask, Robert Lawrence. The Dictionary of Historical and Comparative Linguistics. — Routledge: 2000. — ISBN 1-57958-218-4
  33. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 27, 142. — ISBN 0-521-77111-0
  34. ^ Ruhlen, Merritt. A Guide to the World's Languages: Classification. — Stanford University Press, 1991. — С. 138-141. — ISBN 978-0-8047-1894-3
  35. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 21. — ISBN 0-521-77111-0
  36. ^ Tyler, Stephen. 44 // Dravidian and Uralian: the lexical evidence. — Language. — 1968 Т. 4. — С. 798-812.
  37. ^ Webb, Edward. 7 // Evidences of the Scythian Affinities of the Dravidian Languages, Condensed and Arranged from Rev. R. Caldwell's Comparative Dravidian Grammar. — Journal of the American Oriental Society. — 1860. — С. 271-298.
  38. ^ Burrow, T. 11 // Dravidian Studies IV: The Body in Dravidian and Uralian. — Bulletin of the School of Oriental and African Studies. — 1944 Т. 2. — С. 328-356.
  39. ^ Zvelebil, Kamil. Dravidian Languages. — Encyclopædia Britannica. — 2006.
  40. ^ Andronov, Mikhail S. Comparative Studies on the Nature of Dravidian-Uralian Parallels: A Peep into the Prehistory of Language Families. — Proceedings of the Second International Conference of Tamil Studies. — Madras: 1971. — С. 267-277.
  41. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 43. — ISBN 0-521-77111-0
  42. ^ George Starostin. On the genetic affiliation of the Elamite language. — Russian State University for the Humanities.
  43. ^ Subrahmanyam, P.S. Dravidian Comparative Phonology. — Annamalai University, 1983.
  44. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 90. — ISBN 0-521-77111-0
  45. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 48. — ISBN 0-521-77111-0
  46. ^ Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — С. 91. — ISBN 0-521-77111-0
  • Caldwell, Robert. A comparative grammar of the Dravidian, or, South-Indian family of languages. — London: Harrison; Reprinted London, K. Paul, Trench, Trubner & co., ltd., 1913; rev. ed. by J.L. Wyatt and T. Ramakrishna Pillai, Madras, University of Madras, 1961, reprint Asian Educational Services, 1998, 1856. — ISBN 81-206-0117-3
  • Campbell, A.D. A grammar of the Teloogoo language, commonly termed the Gentoo, peculiar to the Hindoos inhabiting the northeastern provinces of the Indian peninsula. — (3d ed.). — Madras: Hindu Press, 1849.
  • Elst, Koenraad. Update on the Aryan Invasion Debate. — New Delhi: Aditya Prakashan, 1999. — ISBN 81-86471-77-4
  • Erdosy, George, ed. The Indo-Aryans of Ancient South Asia: Language, Material Culture and Ethnicity. — Berlin/New York: Walter de Gruyter, 1995. — ISBN 3-11-014447-6
  • Krishnamurti, Bhadriraju. The Dravidian Languages. — Cambridge University Press, 2003. — ISBN 0-521-77111-0
  • Kuiper, F.B.J. Aryans in the Rig Veda. — Rodopi, 1991. — ISBN 90-5183-307-5
  • Mallory, J. P. In Search of the Indo-Europeans: Language, Archaeology and Myth. — London: Thames and Hudson, 1989. — ISBN 978-0-500-05052-1
  • Ruhlen, Merritt. A Guide to the World's Languages: Classification. — Stanford University Press, 1991. — ISBN 978-0-8047-1894-3
  • Sreekumar, P. 36 // Francis Whyte Ellis and the Beginning of Comparative Dravidian Linguistics. — Historiographia Linguistica. — 2009 Т. 1. — С. 75-95.
  • Subrahmanyam, P.S. Dravidian Comparative Phonology. — Annamalai University, 1983.
  • Thomason, Sarah Grey; Kaufman, Terrence. Language Contact, Creolization, and Genetic Linguistics. — University of California Press, 1988 (published 1991). — ISBN 0-520-07893-4
  • Trask, Robert Lawrence. The Dictionary of Historical and Comparative Linguistics. — Routledge, 2000. — ISBN 1-57958-218-4
  • Witzel, Michael. Early Sources for South Asian Substrate Languages. — Mother Tongue (extra number). — 1999. — С. 1-76.
  • Zvelebil, Kamil. Tamil Literature. — Leiden: Brill, 1975. — ISBN 90-04-04190-7
  • Zvelebil, Kamil. Dravidian Linguistics: An Introduction. — Pondicherry Institute of Linguistics and Culture, 1990. — ISBN 978-81-8545-201-2
  • Андронов М. С. Дравидийские языки. — М.: 1965. — 124 с.
  • Дравідыйскія мовы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
  • Гуров Н. В. Дравидийские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: СЭ, 1990. — С. 139-140.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дравідыйскія мовысховішча мультымэдыйных матэрыялаў